МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ імя В.І Дуніна-Марцінкевіча.

Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў ДунінаМарцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).

Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.

А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцынкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)